Uladzimir Arlou
Vous pouvez lire ce poéme dans les traductions suivantes:
In deinen Armen (Allemand)
Абдымаючы цябе
Абдымаючы цябе, я думаю пра ненапісаны раман, густыя зарасьнікі чарнавікоў, таленавітыя ножкі знаёмай карэктаркі, якая пазнала сябе ў адной з гераіняў... Абдымаючы цябе, я згадваю лілеі на возеры Люхава пад Полацкам, свае адлюстраваньні ў парыскіх лужынах, кавярню з адзіным сталом у каталёнскай вёсцы, дзе Сальвадор Далі праездам пазбавіў нявіннасьці юную пастушку... Абдымаючы цябе, я смакую густое каліфарнійскае віно, палахлівую пэрлінку твайго ўлоньня, Міжземнае мора ў Барсэлёне й пад Фамагустаю, дзе Атэла душыў Дэздэмону... Абдымаючы цябе, я заўсёды ўяўляю іншых жанчын — тое, як буду абдымаць іх, і ўсё астатняе, што малюе мая цыганская фантазія... Але — вось дзіва! — абдымаючы іншых жанчын, я ніколі не ўспамінаю Сальвадора Далі, ня думаю пра карэктуры і карэктарак, не смакую пяшчотных ракавінак і не ўяўляю іншых жанчын. Абдымаючы іншых жанчын, я думаю толькі пра тое, каб хутчэй усё скончылася — каб зноў абняць цябе.



