Maryja Martysievich
Dieses Gedicht liegt in folgenden Übersetzungen vor:
BARBARA RADZIWIL'S LIVEJOURNAL (4) (Russisch)
BARBARA RADZIWIL'S LIVEJOURNAL (4)
(урыўкі з інтэрнэт-дзёньніку ~barbara_r)
Мы жылі, як ніколі ня сьмелі: ўставалі а шостай ці сёмай, йшлі ў касьцёл раніцою нядзелі, а вечар бавілі дома; на паўднёвым гаўбцы з маленечкай косткі расьцілі дрэва цытрыну, мы чыталі пра дзіва Ян-Цзы, і хацелі ў далёкую Чыну; мы гулялі ў дзіцячыя гульні – хаваліся ў нішы й чакалі знаёмыя крокі... А яшчэ мы зрабілі літоўскія візы і езьдзілі ў Вільню і Трокі. Мы сачылі, як траўны прастор нараджаецца з марцаўскай слоты, абжывалі мурог і чабор, але болей любілі балоты – заблукаць і на хісткім лужку абдымацца і думаць, што ўсё, і маліць пра агеньчык у цемры, і цешыцца хутарскім зыкам... А яшчэ мы ляцелі 200 па трасе і бачылі ўсход над Балтыкам. Мы хадзілі у горад, у крамы, глядзець на заморскіх тканінаў сувоі, мы любілі ля Слуцкае брамы зь дзядкамі зацяцца пра Польшчу зь Літвою, альбо крыкнуць на рынку імя і загадваць, хто азавецца... А яшчэ мы слухалі ў цішы завулкаў, як б’ецца маленькае сэрца. Мы былі між людзей – і адны, бы стары францыскан па-за кляштарным мурам; бацькаў парк залацеў дзень пры дні халадзеў і брыняў верасьнёвым глямурам, вецер з захаду нёс напамін пра сьвякруху, вачэй ейных сьлізкія стронгі, сукенкі Versace і піцу... А яшчэ мы складалі ў піўніцу шэзлёнгі, каб ехаць на зіму ў сталіцу. Нясьвіж, лета 1550 г.



