Nina Mazjasch (Ніна Мацяш)
У ПОВАДЗІ НЕДАБРАТЫ
Language: belarusian
Translations:
german (AM GÄNGELBAND DES BÖSEN)
У ПОВАДЗІ НЕДАБРАТЫ
Не трэба, мой дружа, не будзем.
Апрыкрала і гаварыць
пра ковы, пра чад нашых будняў,
як свет гэты белы, старых.
На макаўцы тлуму і стрэсу
не ўшчэнт абяскрылены мы.
пад клічы гусінай сурмы
выпырхвае лісцейка бэзу.
На градцы на мамінай крокус
ліе незямное святло.
і ластаўка ладзіць жытло
пад радыяцыйнаю кроквай...
Свет белы не вычарпаў лекаў.
і ў повадзі недабраты
хоць зрэдзь чалавек чалавеку
ёсць ласка жыцця.
Як мне – ты.