Maryja Martysievič (Марыя Мартысевіч)
[А яшчэ – нельга зьвезьці...]
[А яшчэ – нельга зьвезьці...]
А яшчэ – нельга зьвезьці з сабой краіну (азёры, рэкі),
нельга выгадаваць пад пахай, як Карпа цмока.
Так габрэі раздорвалі хатнія бібліятэкі,
каб у тых, хто застаўся, расплюшчылася трэцяе вока.
Ў гэтым цымус жыцьця пад сузор’ем сахі й касы –
ты ня пэўны ні ў чым і адно толькі ведаеш пэўна:
нельга зьвезьці з сабой краіну (палі, лясы)
кантрабандай памерам зь яйка чорнага пеўня.
І ты ведаеш: варта напружыць унутраны слых,
як патрэскваньнем шкарлупы запульсуюць скроні.
Цмокі хутка вылупяцца; хутка яны здрадзяць тых,
хто паіў малаком са спраглай кляйнотаў далоні.
І калі пацямнее неба ў тым, што на астралягічных мапах
фігуруе як дом, дзе ўзыходзіць зорка Вэнэра,
гэта значыць нашыя цмокі лятуць на нераст,
несучы гасьцінцы ў пакрытых лускаю лапах.
Ты чакаеш; ты паліш вагні; ты начуеш на ходніку,
вызваляеш пад іх пасадку дзьве паласы кальцавой.
Будзь пільным; старайся роўна трымаць паходні,
калі прызямляецца твой.